2024 г. — 85 гадоў установе «Рэдакцыя раённай газеты “Кобрынскі веснік”» (1939)
Газета «Кобрынскі веснік» сваю гісторыю вядзе з верасня 1939 г., які прайшоў на хвалі працэсаў аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Чырвоная армія вызваліла г. Кобрын 22 верасня 1939 г., а ўжо праз пяць дзён выйшаў першы нумар газеты «Труд» — органа часовага ўпраўлення г. Кобрына i Кобрынскага павета.
24 кастрычніка 2023 г. — 80 гадоў з дня выхаду першага нумара падпольнай газеты «Савецкі патрыёт» (1943), якая заклала пачатак ляхавіцкіх СМІ
У гады Вялікай Айчыннай вайны жыхары часова акупаванага Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці з вялікай цікавасцю сачылі за кожным друкаваным словам, якое зыходзіла ад камуністычнай партыі, клікала на барацьбу супраць фашыцкіх прыгнятальнікаў. У Машукоўскім лесе, дзе дыслацыраваўся партызанскі атрад імя С. Лазо, у верасні 1943 г. з’явілася дастаўленая з Вялікай зямлі партатыўная друкарская машынка з запасам шрыфтоў, паперы і друкарскай фарбы.
2019 г. — 75 гадоў з пачатку выдання давыд-гарадоцкай раённай газеты «Чырвоны сцяг» (Столінскі р-н; 1944)
Давыд-Гарадоцкі раён Пінскай вобласці (цяпер у складзе Столінскага раёна Брэсцкай вобласці), які быў створаны ў студзені 1940 г., па шэрагу прычын да Вялікай Айчыннай вайны сваю газету не паспеў пачаць выдаваць. Пасля вызвалення Давыд-Гарадоцкага раёна ў ліпені 1944 г. была адноўлена дзейнасць органаў савецкай улады, партыйных арганізацый. У верасні было прынята рашэнне аб стварэнні рэдакцыі газеты «Чырвоны сцяг» — органа раённага камітэта КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных.
2018 г. — 75 гадоў з пачатку выдання газеты «За Родину» (1943–1944), органа Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта
У ліпені 1943 г. па ўказанні ЦК КП(б)Б на базе міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі» (арганізаваны 12 мая 1942 г.) быў створаны Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт, які працаваў пад кіраўніцтвам Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б. Сакратаром антыфашысцкага камітэта быў Іосіф Паўлавіч Урбановіч (1907–1944), яго намеснікам, другім сакратаром — Мірон Емяльянавіч Крыштафовіч (1899–1985). Камітэт знаходзіўся ў распалажэнні партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі Брэсцкага злучэння. Вёў арганізацыйную і палітыка-масавую работу па ўзмацненні барацьбы насельніцтва і партызанскіх атрадаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні вызвалення Брэстчыны ад акупантаў камітэт аб’ядноўваў у 11 раённых арганізацыях 422 ячэйкі, якія налічвалі 1 893 падпольшчыкаў.
1 снежня 2014 г. – 75 гадоў з часу заснавання брэсцкай абласной газеты “Заря” (1939)
Пасля вызвалення Заходняй Беларусі Часовае кіраванне горада Брэста пачало выпускаць газету “Рабочий”. Першы нумар “Рабочего” выйшаў 26 верасня 1939 года. Рэдактарам быў А. М. Рабіновіч, яго намеснікам – А. Г. Ражанец. Раз на тыдзень у газеце з’яўляліся зменныя палосы на польскай і яўрэйскай мовах. Усяго было выпушчана 68 нумароў “Рабочего”.
6 жніўня 2014 г. – 60 гадоў з часу выхаду першага нумара газеты “Социалистический путь” (1954), з 1962 г. – газета “Заря над Бугом”
У Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці з 15 кастрычніка 1944 года выходзіла газета “Сталинец”. У 1954 годзе адбылася рэарганізацыя Брэсцкага і Дамачаўскага раёнаў у адзін Брэсцкі раён, у сувязі з гэтым была заснавана новая “раёнка” “Социалистический путь”.
Першы нумар газеты “Социалистический путь” выйшаў 6 жніўня 1954 года. Гэта быў орган Брэсцкага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных. Газета выходзіла на рускай мове тыражом 3000 экзэмпляраў па серадах, пятніцах і нядзелях, у 1960-я гады – па аўторках, чацвяргах і суботах, а тыраж быў каля 4800 экземпляраў.